A R C H E S k a r y n a № 4 (18) – 2001
Пачатак  Навіны  Форум  Пошук  Аўтары  Цалкам  Іншае


42001
» да Зьместу «

 


Скарына
аналітыка • эсэістыка • крытыка • рэцэнзіі


Кнігі — Рэакцыі

 
Вокладка ARCHE Skaryna 4-2001.

   Мінулыя нумары:

   Скарына (3-2001)
   Народны нумар
   Скарына
(1-2001)
   Мэдыцына

   Скарына
(8-2000)
   Слоўнік Свабоды
   Скарына
(6-2000)
   Глёбус
   Скарына
(4-2000)
   Габрэі
   Скарына
(2-2000)
   Панславізм
   Паталёгіі
   Кабеты
   Вайна
   Постмадэрнізм
   Парнаграфія

 

Леанід Галубовіч
 
Сны Ігара Бабкова, запісаныя Францішкам Эн
  Ігар Бабкоў. Адам Клакоцкі і ягоныя цені. — Менск, 2001.



Тое, што я думаю пра інтэлектуальны раман, я ўсё роўна вам не патраплю сказаць. Бо думанне пра інтэлектуальны раман і ёсць інтэлектуальным раманам. У першых чатырох раздзелах трэба разабрацца, чым ёсць думанне як такое, потым даследаваць праблему інтэлекту й ягоных межаў, недзе напрыканцы сказаць штосьці пра раман як жанр літаратуры, а ў пасляслоўі прызнацца, што аўтара няма й ніколі не будзе. Я пішу (скажу шчыра) проста раман, а напішу я яго, калі ён сам напішацца, не раней.”

З гутаркі Ігара Бабкова з Валянцінам Акудовічам для часопісу “Крыніца” (№ 1, 1997 г.) да постаці “ТЫ”

Калі гэтую, па-сучаснаму вытанчаную, кніжыцу паставіць на бібліятэчнай паліцы побач з чарговым таўсматым томам якога-небудзь беларускага неакласіка ці народнага літаратара, то, нечакана для сябе, мы выявім на свае вочы гратэскавае становішча нашага сучаснага літаратурнага працэсу...

З аднаго боку — малады, па-еўрапейску вышкалены твар, з другога — выстараны і спакутаваны воблік прамінулага жыцця...

Мажліва, што не ўсе пагодзяцца з падобнай трактоўкай, асабліва — з канстатацыяй “прамінулага жыцця”... Што ж, я не буду настойваць на бясспрэчнасці гэтай тэзы, бо ў кожнага з нас свае стасункі з часам і свой погляд на светабыццё. І гэта адзіная непарушная традыцыя, якой немагчыма вырачыся...

Ігар Бабкоў — беларускі інтэлектуал першай незалежніцкай хвалі, аўтар паэтычных зборнікаў Solus Rex (1992) і “Герой вайны за празрыстасьць” (1998), а на сённяшні дзень — галоўны рэдактар альманаху філасофіі, культуралогіі і літаратуры “Фрагмэнты”...

 
    люстэркі адбіліся ў люстэрках; тыражаваны свет
выйшаў за межы:
мізэрная эпоха, —

пісаў ён у сваім першым зборніку вершаў, імпрэсій і калёквіюмаў і дадаваў у звязку з роздумам над трагічным лёсам Акутагавы: “Чалавек жыў. І няўжо ўсяму гэтаму (о, Божухна!) вынікам — невыразнае філалагічнае балбатанне, якое вызначае месца чалавека ў гісторыі літаратуры? Няўжо тое месца, адкуль ён сёння глядзіць на нас, меней значнае, меней сапраўднае ды меней злучае нас аднаго з адным?”

Вось і ў новай сваёй кніжцы — “Адам Клакоцкі і ягоныя цені” — Ігар Бабкоў, найперш як філосаф, спрабуе “сфакусаваць” тую процьму падсвядомасці, якая не падлягае светавыяўленню... А таму, “упершыню ў беларускім літаратуразнаўстве скарыстоўвае посткаляніяльны панятак галюцыягеннай прысутнасьці Сябе як Іншага...”

Вядома, што філосафы могуць разважаць нават тады, калі разважаць няма пра што. Таму ніколі не трэба здзіўляцца іх марнаслоўнасці ды інтэлектуальнаму нахабству шукаць сёмае неба альбо дно бездані...

І “раман у дзесяці гісторыях з жыцьця адважнага асьветніка й энцыкляпэдысты Яна Адама Марыі Клакоцкага і ягоных ценяў” укладваецца ў кароткі змест няўцямных сноў. Бо згодна з сюжэтам гэтай кніжкі яе “галоўны герой” запісваў сны людзей ХІХ стагоддзя. Ці не таму, што сам меў вырак ад Прыроды быць бяссонным. Ну не сніліся чалавеку ўласныя сны, хоць ты плач. Вось і зажадалася яму займець сны чужыя. Гэтак падчас здараецца і з літаратарам, які не можа напісаць уласны раман, а таму толькі тое і робіць, што спісвае сюжэты чужога жыцця ў свой нататнік...

Нешта падобнае здарылася і з Янкам Купалам, які, канстатуючы наяўнасць такіх сноў, насамрэч запісваў толькі непрывабную яву нацыянальнага быцця ва ўласнай “транскрыпцыі”:

Мне бацькаўшчынай цэлы сьвет,
Ад родных ніў я адвярнуўся...
Адно... ня збыў яшчэ ўсіх бед:
Мне сьняцца сны аб Беларусі!

У рэшце рэшт, нататнік спісаны, а раман так і не пачаты. Але ў тым і палягае ўся закавыка філасофскай задумы: раскласці разрозненыя сюжэты чалавечых жыццясноў так, каб яны прачытваліся як адна непадзельная гісторыя канкрэтнага чалавека альбо цэлага народу...

Прасцей кажучы, кніжку з наскоку не возьмеш. Для гэтага трэба мець добрае інтэлектуальнае здароўе. Тым жа, хто жыве незалежна ад уласнай галавы, яе ўвогуле нельга браць у рукі. І для проста цікаўных людзей яна нічога значнага не ўяўляе. А для несамастойных у мысленні ідэі гэтай кніжкі, хоць яны і акрэсленыя вельмі туманна, увогуле могуць стацца своеасаблівым “опіумам”, паколькі маюць прэтэнзіі на “перадачу праўды без дапамогі слоў”: “Пры гэтым рэцыпіент мусіць быць інтэлектуальна і духоўна падрыхтаваны. Але нават і тады ніхто ня можа даць аніякіх гарантыяў”.

Дарэчы, пра самое імя як бы нашага галоўнага героя...

Аўтар піша так: “Не ведаю, ці сапраўднае імя. Тады шмат хто назаўсёды стаўся іншым. Сапраўднае імя было недаравальнай раскошай. (...) Мушу сказаць, гіпотэза, што Адам Клакоцкі гэта насамрэч адно зь імёнаў Бога, таксама абмяркоўвалася, хаця, па зразумелых прычынах, без асаблівага імпэту...”

Зрэшты, на якое імя ў гэтым постмадэрновым “рамане” ні адгукніся, за якую сюжэтную вяровачку ні пацягні, якую старонку ні “прыадчыні” — усё адно патрапляеш у безвыходны лабірынт вечнага часу альбо часавай наканаванасці...

Гэта разумее і аўтар, таму піша шматлікія ўступы, тлумачэнні ды пасляслоўі, а, у рэшце рэшт (ці не трымаючы чытача ўвогуле за ідыёта?), усоўвае яму ў рукі “ключы ад незамкнёнай брамы” гэтае кніжкі, і ажно ў дзесяці пунктах разжоўвае недалёкім сучаснікам, як зразумець гэты “раман” і самога яго аўтара...

Насамрэч усё вельмі проста. Бо ўся складанасць заключаецца ў наўмысным заблытванні і ператасоўванні вядомага... Безумоўна, гэта значна цяжэй, чым гульня ў падкіднога дурня, але прасцей, чым матэрыяльна зацікаўленае марнаванне часу гульнёю ў покер...

Большасць тэкстаў сшытая ў адно прасторавае палатно белымі ніткамі з тых “абрыўкаў”, што на працягу апошняга часу з’яўляліся на старонках перыядычных выданняў як самастойныя... Скажу па памяці, што гэта было цікавае і разнапланавае чытанне... Там быў свой стыль пісьма і мыслення, рэзка адрозны ад традыцыйнага, былі асабістыя прэтэнзіі на элітарнасць і спробы самадалучэння да “эўрапейскай” культуры...

Адных літаратараў гэта раздражняла, другіх — абнадзейвала, трэціх — закалыхвала... Я быў пасярэдзіне.

Хоць, як зазначае ў сваім наватворы наш аўтар: “часам так хочацца ўсё перапісаць як было насамрэч адкінуўшы непатрэбныя самастылізацыі забыўшыся на даўгія й беспасьпяховыя спробы ўціснуць жыцьцё ў тэкст і захаваць адно крыху безнадзейнасьці самотнай безнадзейнасьці калі глядзіш з закратаванага вакна чацьвертага паверху вар’ятні й вакол столькі псыхаў гэта табе не выкладчыкі дыямату якіх вы лічылі крыху ненармальнымі магчыма яны й былі такімі ўсё жыцьцё жыць паводле дыялектычнай лёгікі такое дарма не праходзіць...”.

Сюжэтная лінія “раману”, бясспрэчна, беларуская. Яго канва ўтрымлівае даволі вялікі ахапак нацыянальнага гістарычнага часу, мабыць, патэнцыяльна меўшы на мэце падтэкставы “эпахальны” замах, і ці не з гэтай немалаважнай прычыны аўтар і “абазваў” альбо, скажам больш прыстойна, — абраў менавіта раманны жанр уласнанапісанага...

Хоць мы не будзем пярэчыць і такой аўтарскай версіі, калі прачытаем ва ўсё тым жа тэксце, што “на адным з нумараваных аркушаў рукой Яна Клакоцкага выведзены сказ, надзвычай характэрны для тутэйшай мэнтальнасьці (я мяркую, ён належыць яму самому), які ўсё ставіць на сваё мейсца: “Тое, чаго няма, кранае мяне сваёй далікатнай адсутнасьцю””.

Не ведаю толькі, чаму так холадна паставіўся да нашага далёкага земляка “Тодара Дастаеўскага” і яго героя “Янкі Карамазава” “Ян Клакоцкі”. Ці не таму, што “Фёдор Михайлович пісаў гнеўныя словы пра жидов и полячишек, альбо прымаўся ўважліва вывучаць свой радавод”?

Адказ, на мой погляд, напрошваецца знутры самога пытання і з вусцішных вуснаў таямнічага аўтара.

Я прабачаюся за частае і занудна-доўгае цытаванне, але іначай “брама раману” аніяк не прыадчынялася, таму я змушаны тое рабіць, каб хоць як прасунуць галаву ў расколіну сюжэту і зазірнуць “за кулісы” яго стылістычных напластаванняў...

“Маё прыватнае мейсца на Шырокім Менскім Праспэкце ў Нікуды. Нэйтральная тэрыторыя, дзе можна паліць цыгарэту й думаць пра сваё. Сапраўды: пра сваё. Хаця што мы маглі лічыць сваім у гэтым сьвеце? Боль? Нянавісьць? Але ж гэта іхная тэрыторыя. Выдавала на тое, што адзіна магчымае выйсьце было ў маўклівай салідарнасьці: кавярня, кубачак кавы. Тайніца чалавечага твару, ціхая ўлада магчымасьцяў. Цішыня рэчаў. Гэта не было домам, не было прытулкам. Даўна прамоўлена, — наш дом унутры нас. Але ж і ўнутры мы не пачувалі сябе гаспадарамі. Мы хацелі любіць, а вымушаныя былі ненавідзець, мы прагнулі радасьці, нам вярталі боль. Мы былі выгнанцамі й шукалі свой дом у бяздомнасьці.”

Бо — і надалей, кажучы словамі тэксту: “Усе мы тут — пэрсанажы, у чаканьні Аўтара. Аўтар заснуў, ня трэба яго будзіць”. (Разбуджаны, ці не стане ён цэнзарам сабе самому?)

Праўда, гэта не тычыцца настойлівага аўтара нашага раману, які ўсё ж, раз за разам, спрабуе знайсці сваю Айчыну. Аднак, у адрозненне ад многіх, яго пошукі палягаюць па-за вонкавымі межамі Бацькаўшчыны, а менавіта — на памежжы свядомага і падсвядомага. Гісторыя, культуралогія і філасофія калі і не знаходзяць тут поўнага ладу і гармоніі, то, прынамсі, пазбягаюць міжасабовых лакальных канфліктаў, пакідаючы чытачу крозы дзеля ўласных спадзеваў...

Бо й напраўду ж, “дзе ты, сьвятая зямля? Хіба толькі там цяпер ноч і ўсе папросту леглі спаць: і Буда, і Заратуштра, і Ісус. А мы тут пэрсанажы абсурднага раману, навобмацак шукаем тое, што даўна ёсьць і вядома, і непераможна? (...) Мы нібы акторы ў боскім тэатры, галоўнага рэжысэра якога ніхто ў вочы ня бачыў. Да нас, лялек, — да нашай душы — прымацаваныя матузкі — голад і пажада, гнеў і каханьне, — торгаючы за іх, нас скіроўваюць у той альбо іншы бок. Нам дадзеная мова, — зь якой мэтай і кім, мы дасюль не разумеем. Магчыма гэта проста забаўка, каб нам ня так сумна было сядзець у нашым цёмным скляпеньні. Мы падманваем адно аднаго з дапамогай мовы, мова падманвае нас з дапамогай сваіх прыгожых словаў, якія, мы ўсё яшчэ спадзяемся, усё ж такі камусьці нешта гавораць...”

Адназначна, што і ў гэтым месцы лепш за нашага аўтара не скажаш. То будзем яму ўдзячны за гэта...

У Франсіска Гоі ёсць афорт “Сон розуму нараджае пачвараў”... На жаль, а мо на дабро, “сны” аўтара рэцэнзаванай тут кніжкі спараджаюць толькі гульню разумных асацыяцый на спрадвечныя і заўжды злабадзённыя тэмы нацыянальнага беларускага жыцця ў яго пераламленні скрозь прызму сучаснага інтэлектуальнага мыслення.

 

Галасуй за ARCHE :)

br.by
 
Пачатак  Навіны  Форум  Пошук  Аўтары  Цалкам  Іншае

№ 4 (18) – 2001

да Зьместу

Праект ARCHE

да Пачатkу СТАРОНКІ


Copyright © 1998-2001 ARCHE "Пачатаk" magazine. Рэдаkцыя: analityka@yahoo.com
дызайн: mk   майстраваньне: Маkса Плакса
Апошняе абнаўленьне: 06-10-2001